Семинары

 Семінар-практыкум  “Развіццё беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту”

Мэта: павысіць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў па пытаннях развіцця звязнага маўлення і культуры маўленчых зносін у дзяцей дашкольнага ўзросту.

 План

  1. Увядзенне ў праблему.
  2. Задачы, змест і формы работы па развіцці беларускага маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту.
  3. Аналіз метадычнай літаратуры па развіцці беларускага маўлення.
  4. Практычная частка. Гульня “Сцяжынкамі роднай мовы”.

1.УВЯДЗЕННЕ Ў ПРАБЛЕМУ

Найважнейшым сродкам развіцця асобы дзіцяці з’яўляецца родная мова, якая, паводле слоў народнага паэта Беларусі і педагога Якуба Коласа, з'яўляецца першай крыніцай, “праз якую мы пазнаём жыццё і навакольны свет”, “праз родную мову льецца шырокая магутная плынь, людкуючы розум і пачуцці дзяцей”.

З аднаго боку, мова выступае як складальнік культуры, пад якой разумеюцца вынікі дзейнасці людзей, іх светапогляд, традыцыі, нормы жыццядзейнасці і сацыяльнага існавання, формы зносін, паводзін і г. д.

 З другога боку, мова з'яўляецца формай існавання духоўнай  культуры народа (фальклору, літаратуры, рэлігіі, філасофіі і г. д.). Можна сцвярджаць, што мова — гэта базісныэлемент культуры чалавека. Паўнацэннае вывучэнне мовы -  гэта перш за ўсё далучэнне да духоўных каштоўнасцей сваёй нацыі.

Важнае значэнне надаецца далучэнню выхаванцаў да роднага слова шляхам увядзення ў нацыянальна-культурны фон беларускай мовы. Сутнасць культуралагічнага падыходу заключаецца ў тым, што навучанне роднай мове ажыццяўляецца ў кантэксце фарміравання нацыянальнай культуры, што забяспечвае, з аднаго боку, “уваходжанне” ў нацыянальную і сусветную культуру ў працэсе авалодання маўленнем на беларускай мове, а з другога — авалоданне беларускай мовай на аснове спасціжэння нацыянальнай культуры (па формуле: “культура праз мову і мова праз культуру”). Далучэнне дзяцей да каштоўнасцей нацыянальнай культуры прадугледжвае ўключэнне ў змест адукацыі культуразнаўчых, перш за ўсё мастацкіх, тэкстаў, што адлюстроўваюць ментальны вопыт, культурныя асаблівасці беларускага народа: народныя казкі, легенды, паданні.

Фарміраванню ў дзяцей каштоўнаснага стаўлення да нацыянальнай мовы садзейнічае ўключэнне ў змест адукацыі выказванняў, вершаў пра Беларусь і беларускую мову.

Нацыянальная культура засвойваецца і пры азнаямлені са словамі і выразамі, якія абазначаюць рэаліі духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў: назвы народных звычаяў, свят (Каляды, Саракі, Гуканне вясны), традыцыйнага адзення (андарак, камізэлька), страў (дранікі, зацірка), прадметаў народнага мастацтва і побыту (ручнік, спарыш), так званымі гаваркімі словамі тыпу цягнік, ручнік, кухар і інш. Акрамя таго, культуразнаўчая інфармацыя праяўляецца ў фразеалагізмах, устойлівых параўнаннях (валасы, як лён; вочкі, нібьі пралескі), сімвалах нацыянальнай культуры (валошка, вярба, бусел) і інш.  Падобныя словы і выразы сустракаюцца ў беларускіх народных казках, паэзіі, песнях, народных гульнях, прыказках і прымаўках і да т. п.

Фарміраванню ў дзяцей уяўленняў пра самабытнасць і унікальнасць беларускай мовы і культуры садзейнічае навучанне нацыянальнай мове ў дыялогу культур, шляхам параўнання з рускай мовай. Аб'ектамі параўнання выступаюць  лексічныя адзінкі беларускай і рускай моў: іх вымаўленне, значэнне (па-беларуску — крапіва, сустрэча, абутак, а па-руску — крапива, встреча, обувь).

Важна праводзіць параўнанне сюжэтаў і выразных сродкаў беларускіх і рускіх фальклорных твораў, у мове якіх з найбольшай сілай праяўляецца тое, што ўласціва кожнаму народуТак, пры азнаямленні выхаванцаў з беларускім фальклорам іх увага накіроўваецца на падабенства сюжэтаў і вобразаў (казкі «Зайкава хатка» і «Заячья избушка», «Каза- Манюка» і «Коза-дереза» і інш.). Гэта значна паглыбляе мастацкае ўспрыманне зместу казкі дзецьмі, дазваляе засвоіць яскравыя выразы(рус.: у зайки избушка ледяная, а у лисы — лубяная, бел.: у зайца хатка з сняжку-труску, а ў лісы — зпяску труску). Параўнанне падобных слоў і выразаў садзейнічае, па – першае, асэнсаванню дзецьмі агульнага і рознага ў нацыянальных традыцыях, выхаванню павагі да культурных асаблівасцей абодвух народаў, па – другое, папярэджванню і пераадоленню памылак моўнай інтэрферэнцыі.

Такім чынам, рэалізуецца абвешчаны ў вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі прынцып культураадпаведнасці — ажыццяўленне нацыянальна-культурнай сацыялізацыі дзіцяці, фарміраванне яго нацыянальнай самасвядомасці.

Развіццё беларускага маўлення дзяцей ажыццяўляецца паэтапна, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дзяцей ранняга ўзросту. У іх развіваюцца першапачатковыя навыкі разумення мовы, уменні ўзнаўляць асобныя словы, кароткія забаўлянкі, песенькі і да т. п. У нерэгламентаванай дзейнасці (праслу- хоўванне і абмеркаванне мастацкіх твораў, удзел у беларускіх народных гульнях і інш.) адбываецца неўсвядомленае засваенне беларускай мовы.

Дзеці сярэдняга і старшага дашкольнага ўзросту авалодваюць рэпрадуктыўным беларускім маўленнем (пераказ, завучванне і ўзнаўленне кароткіх паэтычных твораў). Ажыццяўляецца навучанне і элементарным навыкам прадуктыўнага маўлення: расказванню па малюнку, пра цацку або прадмет, з асабістага вопыту. Навучанне ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў, набытых раней. Выхавальнік павінен строга прытрымлівацца беларускай мовы  на занятках. Такім чынам фарміруецца дыферэнцыраваная маўленчая ўстаноўка на выкарыстанне беларускай мовы ў адпаведных сітуацыях, што ў далейшым дапаможа дзецям пазбегнуць змешвання дзвюх моў у маўленчай практыцы. Выхавальнік імкнецца забяспечыць дзецям радасць, задавальненне пры авалоданні беларускай мовай і захаваць станоўчую матывацыю яе засваення. Асобасна арыентаваны падыход праяўляецца ў тым, што беларуская мова як родная мова для дзіцяці ўводзіцца як натуральны спосаб самавыражэння. Для гэтага педагог наладжвае асобасна значныя і эмацыянальна яскравыя зносіны на нацыянальнай мове.

  1. ЗАДАЧЫ, ЗМЕСТ І ФОРМЫ РАБОТЫ ПА РАЗВІЦЦІ БЕЛАРУСКАГА МАЎЛЕННЯ Ў ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ

 

Развіцце маўлення дзяцей, навучанне іх роднай мове – адна з самых галоўных задач выхвання ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Добрае валоданне роднай мовай забяспечвае эфектыўныя маўленчыя зносіны дзіцяці з дарослымі і аднагодкамі. Без маўленчых зносін, без моўнага наваколля немагчыма паўнавартаснае развіцце маўлення дзіцяці, бо менавіта дарослыя перадаюць яму вопыт, веды, уменні, культуру.

Навучыць дзіця карыстацца роднай мовай у жывых, непасрэдных зносінах з людзьмі – агульная задача маўленчага развіцця дашкольнікаў. Яна  ў адпаведнасці з асноўнымі кампанентамі мовы і маўлення складаецца з задач:

- развіцце дыялагічнага (гутарковага) маўлення;

- фарміраванне звязнага маналагічнага маўлення;

- узбагачэнне, замацаванне і актывізацыя слоўніка;

-выхаванне гукавой культуры маўлення;

- выхаванне цікавасці і любві да мастацкага слова;

- падрыхтоўка да навучання грамаце.

Дашкольнікі,  засвойваючы родную мову, авалодваюць такой формай маўленчых зносін, як вуснае маўленне. Таму дзіця неабходна вучыць слухаць і разумець маўленне, звернутае да яго, падтрымліваць размову, адказваць на пытанні, задаваць пытанні самому.

Развіцце маўлення дашкольнікаў пачынаецца на першым годзе жыцця. З другога паўгоддзя другога года жыцця дзіця само можа звяртацца да дарослага, выказваючы свае думкі, жаданні, пачуцці, просьбы. Яно можа паступова ўступаць з дарослымі ў дыялог , што значна пашырае магчымасці выхавальніка ажыццяўляць выхаванне і навучанне дашкольніка, у тым ліку магчымасці развіваць дзіцячае маўленне, навучаць дзяцей роднай мове.

Больш складаным відам маўленчай дзейнасці з’яўляецца маналагічнае маўленне – перадача складанага разгорнутага зместу. Дыялог – першая школа развіцця звязнага маналагічнага маўлення дзіцяці.

У дыялогу кожны з суразмоўцаў адказвае на пытанні другога, а ў маналогу прамоўца, паслядоўна выказваючы свае думкі, як бы адказвае іх самаму сабе. Фарміраванне ўласнага маналагічнага маўлення – умення звязна расказаць пра прадмет, падзею пачынаецца ў малодшым дашкольным узросце. Для дасягнення звязнага маўлення неабходна ўмець:

-уяўляць аб’ект, пра які  трэба расказаць, умець аналізаваць яго;

- устанаўліваць прычынна – выніковыя, часавыя і іншыя адносіны паміж прадметамі і з’явамі;

- выкарыстоўваць неабходныя маўленчыя сродкі: інтанацыю, лагічны націск, словы, якія найбольш дакладна акрэсліваюць думку;

- будаваць складаныя сказы.

Асноўная адзінка мовы – слова, і ўдасканаленне маўленчых зносін магчыма толькі ў выніку пашырэння слоўнікавага запасу дзіцяці. Таму слоўнікавая работа цесна звязана з заняткамі па азнаямленні з навакольнай рэчаіснасцю.

 Важна знаеміць дзяцей з сінонімамі, антонімамі, мнагазначнасцю слоў.

Словы з’яўляюцца будаўнічым матэрыялам маўлення, але злучэнне іх ў выказванні патрабуе валоданне граматычным ладам маўлення. Фарміраванне граматычнга ладу маўлення прадугледжвае работу па трох напрамках:

- развіцце ўменняў змяняць словы па формах;

- развіцце ўмення будаваць сказы розных тыпаў;

- засваенне спосабаў утварэння новых слоў.

На працягу дашкольнага дзяцінства неабходна ўсебакова ўдасканальваць гукавую культуру маўлення дзяцей.

Задача навучання – развіваць у дзяцей уменне выразна і правільна вымаўляць усе гукі і гукаспалучэнні ў словах роднай мовы. Неабходна развіваць артыкуляцыйны апарат дзяцей, удасканальваць іх дыкцыю, развіваць фанематычны слых.

Выхаванне цікавасці і любові да мастацкага слова дасягаецца праз азнаямленне дзяцей з мастацкай літаратурай, развіцце ў іх уменняў слухаць і разумець літаратурны твор, аналізаваць іх, узнаўляць (чытаць на памяць вершы, пераказваць казкі і апавяданні).

Задача, якая цесна звязана з іншымі задачамі развіцця маўлення, але істотна ад іх адрозніваецца, з’яўляецца падрыхтоўка да навучання грамаце.

Мэтай падрыхтоўкі да навучання грамаце з’яўляецца фарміраванне ў дзяцей элементарнага асэнсавання моўнай рэчаіснасці, арыенціроўкі ў гукавой сістэме мовы. Гэта дасягаецца праз навучанне дзяцей гукавому аналізу слова, азнаямленне са складовай будовай слова, слоўным складам сказа.  На гэтай аснове ў далейшым ажыцяўляецца навучанне чытанню. У змест падрыхтоўкі да навучання грамаце ўваходзіць і падрыхтоўка да авалодання пісьмом.

Названыя задачы развіцця маўлення вырашаюцца ў кожнай дашкольнай узроставай групе, але канкрэтны змест іх розны, таму што залежыць ад узроставых магчымасцей дзяцей.

Неабходная сістэма работы пры вырашэнні ўсіх задач развіцця маўлення забяспечваецца пераемнасцю ў вырашэнні кожнай з іх пры пераходзе ад адной узроставай групы да другой.

Змест работы па развіцці маўлення вызначаецца вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. У аснове гэтай работы ляжыць узбагачэнне пачуццевага вопыту, які дзіця набывае шляхам азнаямлення са з’явамі навакольнага жыцця.

Вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі прадугледжана і фарміраванне ў дзяцей уласна маўленчых уменняў і навыкаў.

Асноўныя сродкі рэалізацыі праграмных патрабаванняў – гэта:

- зносіны дарослых і дзяцей падчас розных відаў дзейнасці;

-культурнае моўнае асяроддзе, маўленне выхавальніка як педагагічныя фактары ўплыву на маўленне дзяцей;

- навучанне роднаму маўленню і мове на занятках;

- мастацкая літаратура;

- прырода і розныя віды мастацтва.

Развіцце маўлення дзяцей у дашкольных установах ажыццяўляецца ў дзвух формах: у штодзенным жыцці і на арганізаваных занятках.

 

Гульня “СЦЯЖЫНКАМІ РОДНАЙ МОВЫ”

 

Сёння мы з вамі зможам паспрабаваць свае сілы і веды па валоданню беларускай мовай. Усе педагогі павінны падзяліцца на дзве каманды.

Заданне №1 Назвіце словы, якія і ў рускай і ў беларускай мове гучаць падобна, але маюць рознае значэнне

Н: дыван – диван

     нядзеля – неделя

     зорка – зорька

     рэч – речь

Заданне №2 “Наадварот”

Напісаць словы, супрацьлеглыя па значэнні.

Дзень (ноч)

Ранак (вечар)

Зіма (лета)

Чысты (брудны)

Мяккі (цверды)

Ідзе (стаіць)

Купіў (прадаў)

Часта (рэдка)

Заданне №3 “Спрынт па складам”

Кожнай камандзе патрэбна за адну хвіліну прыдумаць як мага больш слоў, у якіх тры склады.

Заданне №4 “Канструяванне”

Камандам даецца слова МАШЫНА. Патрэбна з літар гэтага слова скласці новыя. Літары ў словах паўтараюцца столькі ж разоў, колькі і ў дадзеным слове. 

Заданне №5 “Эстафета”

Кожная каманда па парадку называе словы на пэўную тэматыку. Конкурс працягваецца да тых пор, пакуль удзельнікі могуць знаходзіць “словы – браты”

  1. Колеры
  2. Дзеясловы

Заданне №6 Склад-націск

Вядучы называе 2 лічбы: першая – колькасць складоў, другая – націскны склад. Каманда павінна назваць слова

Н: 3-2 карова

     2-2 баран

     2-1 певень

     3-1 курыца

     1-1 гусь

     3-3  кураня

Заданне №7  “Запоўні пустыя клеткі”

Камандам раздаюцца лісткі з пустымі клеткамі. Іх  неабходна запоўніць словамі.

 

А

З

А

 

   К

А

 

А

 

 

А

Л

А

 

(казак, карак, шалаш)              

Н

 А

 

А

 

 

А

М

А

 

З

А

 

А

 

(наган, тамат, заказ)

Заданне №8 “Назаві слова”

Патрэбна членам каманды па чарзе называць словы з першай і апошняй літарай “к” (кулак, кіеск, коцік, красавік і інш.) 5 хвілін на падрыхтоўку.

 Заданне № 10 “Прадоўжы назвы беларускіх казак”

“Муха - …..” (пяюха)

“Коцік Петрык і …” (мышка)

“Дзедава…..” (рукавічка)

“Курачка -….” (Рабка)

“Былінка і ….” (верабей)

“Каза -…. “ (манюка)

“Зайкава…..” (хатка)

“Пшанічны……” (каласок)

“Піліпка - …… “ (сынок)

“Сынок – з -……..”(кулачок)

“Каток - ……”(Залаты лабок)

“Як курачка……”(пеўніка ратавала)

“Легкі….” (хлеб)

“Не сілай, а….” (розумам)

“Як кот …..” (звяроў напалохаў)

 

Спіс выкарыстанай літаратуры:

  1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі.
  2. Дубініна, Д.М.  Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору: дапаможнік для педагогаў устаноў дашк. адукацыі / Д.М.Дубініна.  – Мінск : Новое знание, 2016.  – 208с. 
  3. Каравайчык, Т.І. каб гучала мова дашкалят / Т.І. каравайчык. – Мазыр: Содействие. 2009. – 88 с.
  4. Старжынская, Н.С. Развіцце беларускамоўных зносін дашкольнікаў дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў/ Н.С. Старжынская, Д.М. Дубініна – Мн.: НМЦэнтр, 2001.-144 с.

 

поделиться в: